старажытная частка, гал. грамадска-паліт. і гіст.-маст. комплекс цэнтра Масквы; месцазнаходжанне вышэйшых органаў дзярж. улады Рас. Федэрацыі. Былая рэзідэнцыя маск. вял. князёў (з 14 ст.), цароў (з сярэдзіны 16 ст.), імператараў (месца каранацый і інш. урачыстасцей, з пач. 18 ст.), сав. ўрада (з сак. 1918), з 1991 рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі.
Узнік на Баравіцкім узгорку на левым беразе р. Масква пры ўпадзенні ў яе р. Няглінная. Першапачаткова на тэр. К.М. было паселішча дзякоўскай культуры, не пазней канца 11 ст. тут узнікла ўмацаванае паселішча славян-вяцічаў. У 1156 паводле загаду кн. Ю.Далгарукага ўзведзены новыя ўмацаванні. У 1339—40 пабудаваны дубовыя сцены і вежы. Пры Дзмітрыю Данскім у 1367 значна пашыраны, сцены і вежы пабудаваны з белага каменю (адсюль выраз «Масква-белакаменная»), у 1485—95 — з цэглы. У 17 ст. вежы набылі ярусныя і шатровыя завяршэнні.
Сучасны К.М. ў плане — няправільны трохвугольнік (пл. 27,5 га), абнесены цаглянымі сценамі (даўж. 2.25 км, таўшчыня 3,5—6,5 м, выш. 5—19 м) з 20 вежамі, у т. л. 6 праезных, гал. — Спаская з гадзіннікам (т.зв. крамлёўскімі курантамі). У цэнтры — Саборная пл. з Успенскім саборам (1475—79, арх. А.Фіяраванці; размалёўкі 15—16 і 17 ст., Дыянісій, І. і Б. Паісеіны і інш.; калекцыя абразоў 11—17 ст.). Сярод інш. помнікаў стараж.-рус. архітэктуры: саборы Благавешчанскі (1484—89, пскоўскія дойліды, дабудаваны ў 1562—64; іканастас са старога сабора, 1405, з абразамі Андрэя Рублёва, Феафана Грэка, Прохара з Гарадца, размалёўкі 1508, Феадосій і інш.), Архангельскі (1505—08, арх. Алевіз Фразін Новы; размалёўкі 1652—66, майстры Я.Т.Казанец, С.Г.Разанец, І.Уладзіміраў і інш.); Гранавітая палата (1487—91), званіца «Іван Вялікі» (3 ярусы 1505—08, арх. Бон-Фразін; у 1600 надбудавана да 81 м, шатровыя прыбудовы 1635); Церамны палац (1635—36, арх. А.Канстанцінаў, Б.Агурцоў, Л.М.Ушакоў, Т.Шаруцін) і інш. У 18—19 ст. узведзены будынкі Арсенала (1702—36, арх. Дз.Іваноў, Х.Конрад; барока), Сената (1776—87, арх. М.Ф.Казакоў; класіцызм), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, арх. К.А.Тон і інш.) і Аружэйная палата [цяпер музей; 1844—51, арх. Тон; сярод майстроў выхадцы з Беларусі П.Абросімаў, Арсеній, С.Палубес (Іваноў) і інш.; у рус.-візант. стылі]. Пабудовы 20 ст.: Крамлёўскі т-р (1932—34, арх. І.І.Рэрберг, рэканструкцыя інтэр’ераў 1958, А.Ф.Хракаў, Л.Б.Сегал), Палац з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі палац; 1959—61, арх. М.В.Пасохін, А.А.Мндаянц, Я.М.Стама, П.П.Штэлер і інш.; Ленінская прэмія 1962). На тэр. К.М. помнікі рус. ліцейнай справы Цар-гармата (1586, майстар А.Чохаў) і Цар-звон (1733—35, майстры І.Ф. і М.І.Маторыны); створаны музеі. У 1920—30 знесены многія помнікі архітэктуры, у т. л. сабор Спаса на Бары (1330), ансамблі манастыроў Чудава з саборам (1503) і Вазнясенскага з Кацярыненскай царквой (1808—17), Малы Мікалаеўскі палац (з 1775) і інш. К.М. з ансамблем Краснай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Древности Московского Кремля. М., 1971;
Иванов В. Московский Кремль. М., 1971.
Крэмль Маскоўскі.Успенскі сабор Крамля Маскоўскага.Благавешчанскі сабор Крамля Маскоўскага.